Архіў навінаў
16.12.2015 Грамадства
“Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай”
 
14 снежня ў Берасце на курсах “Мова нанова” адбылася літаратурная вечарына з нагоды 85-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, паэта і драматурга Уладзіміра Караткевіча. Берасцейцы занурыліся ў свет паэзіі знакамітага Сына Беларусі. Удзельнікі сустрэчы з задавальненнем чыталі ўлюбленыя вершы .
 
Уладзімір Караткевіч з’яўляецца адным з самых яркіх і самабытных прадстаўнікоў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа. Яго творамі зачытваюцца людзі розных узростаў - ад школьніка да прафесара. Ён стаў першым, хто так займальна пісаў пра нацыянальную гісторыю. Творы пісьменніка перакладзены на многія мовы свету.
 
Адкрыццём для многіх стаў Караткевіч - мастак, які малаваў партрэты, малюнкі на гістарычныя тэмы, ілюстрацыі да ўласных твораў, сяброўскія шаржы, выкананыя алоўкам, чарнілам, тушшу.
 
Прысутныя пазнаёміліся са стрыечным братам пісьменніка спадаром Георгіям Грынкевічам, які падзяліўся сваімі ўспамінамі пра славутага сваяка, распавёў пра малазнаёмыя факты жыцця класіка беларускай літаратуры. Сп. Георгі Грынкевіч таксама зьяўляецца сваяком Ларысы Геніюш. Ён узгадаў, што менавіта яна параіла яму стаць лекарам.
 
Напрыканцы вечарыны, прысвечынай юбілею велікага беларускага аўтара, успомнілі крылатыя словы Уладзіміра Караткевіча:
 
“Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой”
“Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў”
“Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта — чалавек ці народ”
“Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто — і тады пераможаш”
“Дзеці – усмешка Божая”.