Архіў навінаў
14.12.2015 Гісторыя
Трагедыя пінскіх маракоў
 
У адпаведнасці з абарончым планам “Усход” Пінская рачная флатылія ВМФ Польшчы павінна была адыграць важную ролю ў супрацьстаянні магчымай савецкай агрэсіі на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай. Аднак у 1939 планы прыйшлося пераглядаць.

 

Пачатак ленендарнай флатыліі

 

Польская рачная флатылія была створана 19 красавіка 1919 года. Тады камандаванне Войска Польскага арганізавала ў складзе трох катэраў марскі патруль на Прыпяці. Менавіта ён прыняў удзел у баі з бальшавіцкімі катэрамі пад мястэчкам Гарадзішча ў ліпені 1919 года. Пазней часткі польскай арміі пры ўдзеле ваенных суднаў ажыццявілі ўдалы дэсант, які дазволіў выбіць чырвонаармейцаў з Лунінца. У сакавіку 1920 года флатылія ўдзельнічала ў баях пад Мазыром і ў наступе на Кіеў, дзе пад Чарнобылем удала атакавала падраздзяленні Чырвонай Арміі. Аднак пасля таго, як бальшавікі пачалі наступ на Захад і захапілі міжрэчча Прыпяці, польскія матросы вымушаны былі затапіць свае караблі і адступіць.

 

Адраджэнне Пінскай флатыліі пачалося пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы. У 1922 годзе галоўнай базай флатыліі стаў Пінск. Тут былі пабудаваны камендатура ваеннага порта, казармы, склады і ангары.

 

Абараніць усходнія ваяводствы

 

Польскі генштаб планаваў, што ў выпадку вайны з усходнім суседам рачны флот павінен быў удзельнічаць у арганізацыі манеўранай абароны. У гэтым выпадку польскім суднам прыйшлося б не толькі супрацьстаяць савецкай Дняпроўскай флатыліі, але і прыкрываць сваю пяхоту, аказваючы ёй артылерыйскую падтрымку, а таксама высаджваць дэсант на найбольш небяспечных для прарыву ўчастках. У 1937 годзе ў адным з польскіх ваенных часопісаў адзначалася: “Дывізіён рачных манітораў выглядае грозна. Калі наша пяхота ўбачыць гэтыя грозныя машыны, яна ніколі не адступіць са сваіх пазіцый”. Па сваёй сутнасці гэта былі танкі на вадзе, а бронетэхнікі ў войска міжваеннай Польшчы не хапала. Таму такая моцная стаўка рабілася на пінскіх маракоў.

Акрамя гэтага, у абавязак флатыліі з берагоў Піны ўваходзіла ахова перапраў і абарона грамадзянскіх рачных транспартных сродкаў. Аднак польскія стратэгі не ўлічылі таго, што ва ўмовах перавагі праціўніка ў паветры (насамрэч, у верасні 1939 года савецкая авіяцыя цалкам панавала ў небе паўночна-ўсходніх ваяводстваў – І.М.) эфектыўнасць дзеяння польскай флатыліі значна зніжалася.

 

Меркавалася, што ў выпадку вайны палякі на тэрыторыі сучанай Заходняй Беларусі выставяць каля 50 баявых суднаў і 2200 чалавек асабістага складу, што было параўнальна з узмоцненым палком пяхоты або танкавай часткай сярэдняй магутнасці. У адпаведнасці з абарончым планам “Усход” 1-шы дывізіён, узмоцнены кананеркамі, павінен быў заняць найбольш аддаленыя памежныя раёны. 2-гі дывізіён, з прыдадзенымі яму дэсантнымі і тэхнічнымі падраздзяленнямі, займаў пазіцыі ў вусці рэк Лань, Гарынь і Прыпяць. 3-ці дывізіён заставаўся ў рэзерве. Штаб флатыліі знаходзіўся ў Пінску.

 

У 1930-х гадах галоўнай сілай Рачной флатыліі ВМФ Польшчы былі 6 манітораў, узброеных 100-мм гаўбіцамі і 75-мм гарматамі, 3 кананерскія лодкі, 2 караблі СПА і 2 патрульныя катэры. Таксама 7 тральшчыкаў павінны былі арганізаваць пастаноўку мінных загарод. З 1927 года камандуючым Пінскай флатыліяй быў камандор, выпускнік Пецярбургскага марскога корпуса Вітальд Заянчкоўскі. Дзякуючы гэтаму таленавітаму афіцэру ўдалося значна мадэрнізаваць “пінскі флот”.

 

Адзін з манітораў Пінскай рачной флатыліі, 1930-я гады

 

Падрыхтоўка да вайны

 

Вясна 1939 года была цёплай і сырой. Усё гэта паўплывала на распаўсюджанне захворвання малярыяй сярод матросаў і афіцэраў Пінскай рачной флатыліі. У сувязі з гэтым польскія вайсковыя ўлады накіроўвалі ў багністыя раёны самалёты, якія рассыпалі хімікаты супраць насякомых. 24 сакавіка 1939 года ў пінскі порт прыбылі 200 новых рэзервістаў. Загадам Камандавання ВМФ Польшчы ўсе адпачынкі асабістага складу былі адмененыя, а маракам загадалі забраць асабістыя рэчы на караблі. У поўную баявую гатоўнасць былі прыведзены ўсе мінна-загародныя і хімічныя судны, два ўзводы сувязі і ўсе партовыя службы. На караблях былі папоўнены запасы пітной вады, правіянту і боекамплект.

 

25 сакавіка 1939 года частка суднаў (бронекатэры і тральшчыкі) былі накіраваны на мяжу з СССР у раёне ракі Прыпяць. Аднак неўзабаве была дадзена каманда: “Адбой”. Польшча рыхтавалася да вайны на Захадзе, а паўночна-ўсходнія ваяводствы, у тым ліку Палескае, былі абвешчаны тылавымі. Пры гэтым у красавіку 1939 года дзве групы суднаў флатыліі былі перакінуты па чыгунцы (з Пінска ў Модлін), а таксама па вадзе (праз Каралеўскі канал, Буг і Нараў) на Віслу. Пазней у Гдыню і на Хель з Пінска адправілася і частка вопытных марскіх артылерыстаў.

 

За некалькі месяцаў да пачатку Другой сусветнай вайны камандаванне Пінскай рачной флатыліі спрабавала палепшыць стан сваёй супрацьпаветранай абароны, аднак у выніку адсутнасці належнага фінансавання рэалізаваць гэтыя планы не атрымалася. 12-13 чэрвеня 1939 года ўсе тры дывізіёны Пінскай флатыліі прынялі ўдзел у вучэннях, падчас якіх польскія маракі адточвалі стральбу па цэлях, размешчаных на берагах рэк.

 

Да жніўня 1939 года ў складзе гэтага злучэння ВМФ Польшчы было 40 баявых суднаў і 50 дапаможных караблёў. Пасля правядзення ўсеагульнай мабілізацыі польскія ваенныя ўлады рэквізавалі яшчэ 10 грамадзянскіх суднаў. Узбраенне польскіх караблёў складалася з дзевяці 100-мм гаўбіц, чатырнаццаці 75-мм гармат, васямнаццаці 37-мм гармат, шасці буйнакаліберных кулямётаў калібра 13,2 мм і амаль дзевяноста ручных кулямётаў калібра 7,92 мм. Яшчэ дзве 40-мм гарматы СПА, два буйнакаліберныя кулямёты і 6 ручных кулямётаў былі на ўзбраенні адмысловага ўзвода, які нёс службу па ахове порта ў Пінску.

У склад 1-га дывізіёна пад камандаваннем капітана Мечыслава Серкучэўскага ўваходзілі: судна СПА “Генерал Сікорскі”, два маніторы (“Кракаў” і “Вільня”), тры кананеркі, 5 бронекатэраў і 2 баржы. У 2-гі дывізіён, якім камандаваў падпаручнік Стэфан Камінскі, увайшлі: судна СПА “Гетман Хадкевіч”, два маніторы (“Гарадзішча” і “Варшава”), 4 бронекатэры, адна баржа. 3-м дывізіёнам камандаваў капітан Браніслаў Бончак. У склад гэтай групы ўваходзілі: камандзірскі карабель “Генерал Шаптыцкі”, маніторы “Пінск” і “Торунь”, чатыры бронекатэры, два катэры сувязі, баржа. Мінна-газавы атрад пад камандаваннем капітана Нарцыса Малушынскага складаўся з аднаго карабля і 7 тральшчыкаў. У распараджэнні камандавання флатыліі быў штабны карабель “Адмірал Серпінэк”, а таксама санітарны карабель “Генерал Саснкоўскі”.

 

Рэзервісты, якія прыбылi ў размяшчэнне гарнізона ў канцы жніўня 1939 года, праходзілі паскораныя курсы і накіроўваліся на караблі. Акрамя гэтага, камандаванне флатыліі пачало фарміраванне падраздзяленняў марской пяхоты (два батальёны), якія меркавалася выкарыстоўваць для дэсанта з караблёў. 28 жніўня 1939 года частка суднаў, якая знаходзілася ў раёне Валанскіх мастоў, перабазавалася бліжэй да Пінска. У порце пачалі арганізоўваць пункты СПА і капаць акопы.

 

Узброены карабель Генерал Шаптыцкі і манітор Пінск, 1929 год

 

Другая сусветная

 

Знаходзячыся ў тылавых раёнах, асноўная частка Пінскай рачной флатыліі не магла прыняць удзел у баях пачатковай фазы Вераснёўскай кампаніі. У сувязі з гэтым галоўнай задачай для палескіх маракоў заставалася абарона ўсходніх рубяжоў Другой Рэчы Паспалітай. Пры гэтым, у выпадку агрэсіі з боку Савецкага Саюза (у адпаведнасці з ранейшымі планамі), польскія караблі павінны былі “зачыніць” рэкі і прыкрываць сваёй артылерыяй дзеянні польскай пяхоты на сушы. Для ажыццяўлення гэтай задумы ў складзе флатыліі быў сфармаваны атрад, галоўнай задачай якога была блакада вусця Прыпяці (з дапамогай мін і агню артылерыі). Акрамя гэтага, пінскім маракам было загадана ўступіць у кантакт з польскімі памежнікамі Корпуса аховы памежжа (далей – КАП) з батальёнаў “Давыд-Гарадок” і “Сянкевічы” для прадухілення дзейнасці савецкіх дыверсійных атрадаў на мастах і пераправах.

 

1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. Польскія маракі, якія дзяжурылі на ўсходняй мяжы, са здзіўленнем убачылі, што на сумежнай тэрыторыі савецкія ўлады вывесілі белыя палотнішчы ў знак таго, што СССР выконвае нейтралітэт. Аднак праз некалькі дзён сцягі зніклі, і на мяжы зноў стала неспакойна. Акрамя планавага дзяжурства, караблі Пінскай флатыліі ажыццяўлялі манеўры на палескіх рэках. Пры гэтым камандзірам суднаў было загадана захоўваць цішыню ў эфіры. 3 верасня 1939 года Вітальд Заянчкоўскі загадаў суднам перадыслакавацца ў раён Валанскіх мастоў і Пінска. 8 верасня самалёты Люфтваффе ўпершыню атакавалі польскія караблі. Агнём у адказ маракі карабля “Гетман Хадкевіч” збілі тры варожыя бамбавікі.

 

10 верасня камандзір брыгады КАП “Палессе” Тадэвуш Ражыцкі-Каладзейчык настойліва папрасіў Заянчкоўскага, каб пазбегнуць правакацый, адвесці караблі флатыліі далей ад польска-савецкай мяжы. Напружанне на ўсходніх рубяжах Другой Рэчы Паспалітай узрастала, і памежнікі гэта адчувалі. У той жа дзень польскія караблі адышлі на 5 км на захад ад мяжы. 13 верасня 1939 года пінскія маракі атрымалі загад заняць пазіцыі на Піне і Каралеўскім канале і арганізаваць абарону там. Праз два дні флатылія перайшла пад камандаванне генерала Францішка Клееберга.

 

На абарону раёна “Янаў” (чыгуначны мост на Піне) павінны былі выступіць два бронекатэры, узброеныя 40-мм гарматамі. Участак “Гарадзішча” (каля маста праз Ясельду) планавалася абараняць з удзелам манітора “Вільня”, дзвюх кананерскіх лодак і двух бронекатэраў. На дзяжурства да Асабовічаў былі накіраваны манітор “Кракаў”, адна кананерка і два бронекатэры. Валанскія масты пад абарону павінны былі ўзяць маніторы “Варшава” і “Гарадзішча”, судна СПА “Генерал Сікорскі” і санітарны карабель “Генерал Саснкоўскі”.

 

Задачу па ахове трасы Лахва – Давыд-Гарадок атрымалі маніторы “Пінск” і “Торунь”. Нарэшце, на ўчастку “Сытніца” павінны былі знаходзіцца штабны “Адмірал Серпінэк” і некалькі маторных лодак. Два батальёны марской пяхоты рыхтаваліся абараняцца на захадзе ад Пінска, а артылерыйскую падтрымку ім забяспечваў “Генерал Шаптыцкі”. Гарматы гэтага карабля прастрэльвалі брэсцкую шашу. З польска-савецкай мяжы таксама былі адкліканы маторныя лодкі памежных патрулёў.

 

У сувязі з абмяленням ракі манітор “Вільня” так і не змог дайсці да раёна “Гарадзішча”, а дзве кананеркі, якія ішлі за ім, былі перанакіраваныя на раку Струмень для арганізацыі прыкрыцця адыходу польскіх частак з Пінска. На ўчастак “Асабовічы” польскія караблі падышлі, хоць і са спазненнем, але ў поўным складзе. У раён Валанскіх мастоў не дайшоў манітор “Варшава”. Ён трапіў на мель і пазней быў затоплены. Астатнія караблі з гэтай групы дабраліся да вызначанага месца і прынялі пад ахову пераправы праз палескія рэкі.

 

Узброеныя кацеры Пінскай флатыліі, 1930-я гады

 

Вайна з Усходу

 

17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла мяжу Польшчы. Польскія вайсковыя часткі, якія знаходзіліся на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў Другой РП, былі дэзарыентаваныя загадам галоўнакамандуючага, маршала Эдварда Рыдз-Сміглы: “З Саветамі ў бой не ўступаць”.

 

Разам з пяхотай, танкамі і самалётамі савецка-польскую мяжу перайшла і Дняпроўская ваенная флатылія ВМФ РСЧА (6 рачных манітораў, 8 кананерскіх лодак, а таксама бронекатэры, тральшчыкі і судны забеспячэння). Інфармацыя аб савецкай агрэсіі дайшла да Пінска толькі а 11-й гадзіне дня. Штаб Пінскай флатыліі спрабаваў тэрмінова наладзіць сувязь з усімі сваімі суднамі, але час для манеўру быў страчаны. Не атрымаўшы ўказанняў ад маршала Рыдз-Сміглы, генерал Клееберг загадаў польскім маракам затапіць свае судны і сысці на бераг. Камандор Вітальд Заянчкоўскі выдаў баявы загад №1, у якім, у прыватнасці, адзначалася: “Падраздзяленні савецкіх войскаў атакавалі КАП. Экіпажы караблёў рачной флатыліі пасля пакідання сваіх суднаў павінны накіроўвацца ў паўднёва-заходнім кірунку”.

 

Маракі, якія раптоўна сталі пехацінцамі, павінны былі канцэнтравацца на поўдзень ад Валанскіх мастоў і падпарадкоўвацца камандзіру брыгады КАП “Палессе”, палкоўніку Тадэвушу Ражыцкаму-Каладзейчыку. Ім раздалі абмундзіраванне пяхоты Войска Польскага, якое мелася на складах, пры гэтым дазволілі пакінуць некаторыя элементы марской формы, а таксама ваенна-марскія эмблемы. У той жа дзень ваенныя ўлады Пінска пачалі рэквізаваць для патрэб арміі ўвесь аўта- і конны транспарт, які быў у горадзе. А 13-й гадзіне 17 верасня 1939 года на Пінск здзейснілі налёт самалёты з чырвонымі зоркамі на крылах. У выніку атакі было знішчана некалькі жылых дамоў на вуліцы Берасцейскай. Сярод мясцовых жыхароў былі параненыя і загінуўшыя. Некалькі бомб выбухнула і ў раёне чыгуначнага вакзала. Варта адзначыць, што за пару гадзін да гэтага над горадам з’явіўся нямецкі бамбавік, які, праўда, быў атакаваны польскімі маракамі і паляцеў у зваротным кірунку.

 

Маніторы Вільня і Кракаў

 

Канец пінскіх караблёў

 

Побач з вёскай Нырча быў затоплены манітор “Пінск”, які раней там сеў на мель. Увечары таго ж дня на дно пайшоў “Торунь”. Каманду апошняга ўзялі на борт два бронекатэры, аднак неўзабаве гэтыя судны былі атакаваныя савецкімі самалётамі. Польскія маракі агнём з кулямётаў здолелі адбіць гэтую атаку. Каля вёскі Стахава абодва катэры былі затопленыя, а маракі накіраваліся ў Камень Кашырскі. Пасля атрымання загаду: “З савецкімі салдатамі ў бой не ўступаць” – было затоплена і штабное судна “Адмірал Серпінэк”. 18 верасні 1939 года каля вёскі Асабовічы ўласнай камандай быў узарваны манітор “Вільня”.

 

Частка польскіх кананерак павінна была перайсці ў раён Пінска і прыкрыць адыход польскіх частак. Аднак, рухаючыся да вусця ракі Ясельда, польскія судны патрапілі на мель. Паступова ўсе караблі Пінскай флатыліі на ўчастках “Янаў”, “Валанскія масты” і г. д. былі затопленыя. Апошнім на дно пайшоў манітор “Кракаў”. 19 верасня 1939 года гэтае судна накіравалася ў бок Каралеўскага канала з мэтай прабіцца да Брэста, аднак у сувязі з тым, што рэчышча ракі там было перагароджана ўзарваным мастом, 21 верасня камандзір карабля прыняў рашэнне яго патапіць.

 

З флоту ў пяхоту

 

18 верасня 1939 года два батальёны марской пяхоты накіраваліся з Пінска ў бок вёскі Вялікае Морачна. У працэсе руху да гэтага атрада прыбіваліся іншыя падраздзяленні маракоў. 20 верасня 1939 года Пінск пакінула камандаванне камендатуры порта і асабісты склад базы забеспячэння. Польскія часткі адыходзілі ў раён Валанскіх мастоў. Там, акрамя маракоў Пінскай флатыліі, былі памежнікі КАП з батальёнаў “Клецк”, “Людвікава”, “Сянкевічы”. 19 верасня 1939 года тут адбыўся бой паміж падраздзяленнямі Чырвонай Арміі, якія імкнуліся захапіць масты, і польскімі бронекатэрамі, якія ахоўвалі пераправу. На зыходзе 20 верасня 1939 года ў Пінск уварваліся танкі 29-й танкавай брыгады Чырвонай Арміі пад камандаваннем Сямёна Крывашэіна. Польскія маракі ўзарвалі мост праз Піну разам з дзвюма савецкімі браніраванымі машынамі, якія спрабавалі пераследаваць адыходзячыя падраздзяленні Войска Польскага. Па ўспамінах жыхароў горада знішчаная тэхніка яшчэ доўга ляжала на беразе ракі. На рацэ Струмень каля вёскі Стытычава былі патоплены апошнія кананерскія лодкі Пінскай флатыліі, а іх экіпажы накіраваліся ў бок вёскі Вялікае Морачна.

 

Да 22 верасня 1939 года асноўным пунктам канцэнтрацыі маракоў Пінскай флатыліі быў Камень Кашырскі. Тут па розных дадзеных знаходзіліся 41 афіцэр, 1422 падафіцэры і матросы. Яны былі ўзброены 16 ручнымі, 20 буйнакалібернымі кулямётамі, 1431 карабінам. Генерал Клееберг, які ўзяў на сябе камандаванне ўсімі польскімі часткамі, дазволіў тым, хто нарадзіўся на Палессі, вярнуцца дадому. Гэтай магчымасцю скарысталіся толькі 50 “марскіх пехацінцаў”. Астатнія маракі разам з іншымі падраздзяленнямі Войска Польскага рушылі на захад, на дапамогу акружанай Варшаве.

 

У гэты час калоны польскіх войскаў падвяргаліся пастаянным атакам савецкай авіяцыі. Некаторыя налёты працягваліся больш за гадзіну. 23 верасня, пасля некалькіх баёў з прасавецкімі дыверсантамі, матросы з Пінска ўвайшлі ў вёску Качын на Валыні. Тут маракам выплацілі заробак за два месяцы, а тыя грошы, што засталіся (амаль 820000 злотых), закапалі ў бліжэйшым лесе. 25 верасня ў склад атрада маракоў Пінскай флатыліі ўлілося каля 300 чалавек-рэзервістаў з падраздзяленняў, сфармаваных на пачатку Другой сусветнай вайны. 27 верасня 1939 года “пінчукі” фарсіравалі Буг. Падчас пераправы іх атакавалі танкі савецкай 29-й танкавай брыгады. У выніку бою загінулі 55 польскіх маракоў. Ва Уладаве ўсе падраздзяленні Пінскай флатыліі былі зведзены ў 3-ці батальён (камандзір – падпаручнік Стэфан Камінскі) 182-га рэзервовага палка 60-й дывізіі пяхоты.

 

Трагедыя ў Мокранах

 

На злучэнне з асноўнымі часткамі Пінскай флатыліі ў бок Уладавы ішоў і батальён марской пяхоты (экіпажы караблёў 2-га і 3-га дывізіёнаў) пад камандаваннем капітана Браніслава Бончака. 23 верасня пінскія маракі разам з падраздзяленнямі КАП рухаліся ў бок Каменя Кашырскага. Памежнікі абагналі маракоў на чатыры кіламетры і да вечара былі на месцы прызначэння, а вось “пінчукі” прынялі рашэнне спыніцца на пастой у адным з лясных масіваў. 25 верасня гэты атрад падзяліўся на дзве часткі, адна з якіх пад камандаваннем капітана Бончака рушыла да Брэста, а другая – у бок Ковеля.

 

На наступны дзень у раёне вёскі Тур першая з гэтых груп трапіла ў засаду, арганізаваную 2-м батальёнам, 32-й танкавай брыгады Чырвонай Арміі. Капітан Бончак спрабаваў пераканаць савецкіх афіцэраў прапусціць польскіх маракоў за Буг, але ўсе яго спробы былі марнымі. Апынуўшыся ў акружэнні танкаў Т-26, польскія вайскоўцы прынялі рашэнне здацца. У Маларыце афіцэраў аддзялілі ад матросаў і ў суправаджэнні мясцовых “народных міліцыянераў” з чырвонымі павязкамі на рукавах павялі ў бок Мокран. 26 верасня 1939 мясцовыя актывісты расстралялі там 18 афіцэраў і падафіцэраў Пінскай рачной флатыліі.

 

Апошнія баі

 

Сфармаваны ва Уладаве батальён марской пяхоты ў раёне Пуховай гары і Яблыні вёў кровапралітныя баі з часткамі Чырвонай Арміі, якія імкнуліся акружыць Асобную аператыўную групу “Палессе”. У выніку паспяхова праведзенай атакі матросам з Пінска ўдалося ўзяць значную колькасць трафеяў і палонных. 30 верасня “пінчукам” прыйшлося сысці ў смяротнай сутычцы з савецкай кавалерыяй пад Мілановам. У выніку 60 чырвонаармейцаў былі ўзяты ў палон, а трафеямі сталі 11 кулямётаў і адна супрацьтанкавая гармата. Нарэшце, з 2 па 5 кастрычніка 1939 года пінскім маракам прыйшлося змагацца з нямецкімі войскамі пад Воляй Гулоўскай і Коцкам. Пасля гэтых баёў злучэнне польскіх войскаў пад камандаваннем генерала Францішка Клееберга, а разам з ім і батальён марской пяхоты, з-за адсутнасці боепрыпасаў і зброі вымушана было капітуляваць. Так скончылася вераснёвая адысея Пінскай рачной флатыліі ВМФ Польшчы.

 

Нягледзячы на цяжкую сітуацыю, у якой апынуліся маракі з Пінска, яны ў пераважнай большасці выпадкаў, з гонарам выканалі свой абавязак. Гэта старонка гісторыі Вераснёўскай кампаніі 1939 года нечужая і для Беларусі. Сярод жаўнераў і маракоў, якія ваявалі пад камандаваннем Францішка Клееберга, было нямала беларусаў, і нам варта ганарыцца іх мужнасцю і гераізмам.

 

Ігар Мельнікаў,

кандыдат гістарычных навук

 

http://www.minsk.msz.gov.pl