Архіў навінаў
10.12.2015 Грамадства
Брэсцкі гарвыканкам абмежаваны ў фінансавых сродках на бліжэйшыя гады
 
Жыхары 8-га Паўночнага завулка Берасця напісалі калектыўны зварот да Старшыні гарвыканкама А.С. Рагачука, у якім паведамілі пра праблему з водазабеспячэннем і водаадвядзеннем па месцы свайго пражывання. Вадаправод у завулку праводзілі яшчэ ў 60-х гадах, які на дадзены момант востра мае патрэбу ў замене. Трубы прагнілі, а вада, якая паступае па іх, не лепшай якасці (іржавая). Амаль кожны тыдзень адбываюцца прарывы, з-за якіх завулак ператвараецца ў вялізную калюжыну. Каб ліквідаваць прарывы вадаправода рамонтныя брыгады перакрываюць ваду, часам на цэлы дзень, што выклікае пэўныя нязручнасці.
 
Мясцовыя жыхары вымушаныя перахоўваць ваду ў бутэльках, бо прыйшоўшы з працы, усё часцей сутыкаюцца з сітуацыяй, калі ў кране няма вады, і калі яна з'явіцца невядома. Да цэнтральнай сістэмы каналізацыі падлучаная толькі частка дамоў на завулку, а рэшта жыхароў вымушаныя карыстацца мясцовай каналізацыяй, якая не дае рады, і людзі вымушаныя часта выклікаць машыну для адпампоўвання вады. Акрамя таго, па ўсім завулку няма ліўнёвак, і ў дажджлівае надвор'е ўся вада плыве ў двары, падтапляючы вучасткі.
 
Паводле артыкула 6 Закона Рэспублікі Беларусь ад 16.07.2008 № 408-3 «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг» «Спажывец мае права на задавальненне патрэбаў у жыллёва-камунальных паслугах ...» сярод якіх водазабяспячэнне і водаадвядзенне (каналізацыя).
 
Жыхары 8-га Паўночнага завулка, што ў Берасці, лічаць, што патрэбы ў жыллёва-камунальных паслугах або задавальняюцца не цалкам, або ўвогуле не задавальняюцца.
 
У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае Дзяржаўная праграма па водазабеспячэнню і водаадвядзенню "Чыстая вада» на 2011-2015 гады, сярод асноўных задач і мерапрыемстваў якой: будаўніцтва, рэканструкцыя і мадэрнізацыя сістэм водазабяспячэння і водаадвядзення, развіццё сістэм гаспадарча-бытавой каналізацыі населеных пунктаў Рэспублікі. Напрошваецца пытанне, чаму ж пры наяўнасці такой праграмы жыхары цэлага завулка абласнога цэнтра мусяць змагацца з узнікшымі праблемамі самастойна?
 
Жыхары 8-га Паўночнага завулка звярнуліся з просьбай у гарвыканкам: ажыццявіць рэканструкцыю існуючага вадаправода, шляхам замены труб; падключыць да цэнтральнай каналізацыйнай сеткі дамы, у якіх на дадзены момант ёсць толькі мясцовая каналізацыя; зрабіць ліўнёўкі ўздоўж дарогі па 8-му Паўночным завулку Берасця.
 
2 сьнежня 2015 жыхары завулку атрымалі адказ Брэсцкага гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Н.С. Якубоўскага ў якім гаворыцца, што “будаўніцтва вадаправоднай сеткі па завулку 8-му Паўночным ўключана ў склад праектна-каштарысавай дакументацыі, распрацаванай ААТ «Полесьежилсрой» 2013/09/29 г. Работы па перакладцы вадаправода па завулку 8-му Паўночным будуць пачаты пасля вызначэння крыніцы фінансавання.
 
З прычыны скарачэння бюджэтнага фінансавання будаўніцтва сетак каналізацыі па завулку 8-му Паўночным за кошт бюджэтных сродкаў не ўяўляецца магчымым.
 
Каналізаванне жылых дамоў па завулку 8-му Паўночнаму магчыма ажыццявіць па адным з варыянтаў: ці правесці каналізацыйную сетку дыяметрам 150 мм да завулку 7-га Паўночнага; або правесці ў існуючую каналізацыйную сетку зав. 8-га Паўночнага з дазволу ўладальніка (Камалетдзінава А.І., завулак 8-ы Паўночны, д. 6, кв. 2).
 
Будаўніцтва сетак каналізацыі можа быць ажыццяўлёна за кошт сродкаў жыхароў або згодна з прынятай у горадзе практыкай пры ўдзеле ў долевым будаўніцтве за кошт сродкаў жыхароў і сродкаў гарадскога бюджэту – 30/70% кошту будаўніцтва адпаведна”.
 
Намеснік старшыні гарвыканкама Н.С.Якубовский “прапануе жыхарам стварыць групу забудоўшчыкаў, абраць старшыню, атрымаць тэхнічныя ўмовы на каналізаванне ў дзяржаўным прадпрыемстве «Брэствадаканал», вырабіць праектна-каштарысавую дакументацыю, ўзгадніць праект з дзяржаўным прадпрыемствам «Брэствадаканал» ў частцы будаўніцтва, правесці дзяржаўную пазаведамасную экспертызу дакументацыі. Кошт будаўніцтва сетак каналізацыі будзе вызначаны на падставе распрацаванай праектна-каштарыснай дакументацыі.
 
Будаўніцтва ліўневай каналізацыі магчыма толькі пры правядзенні работ па добраўпарадкаванні завулка, з папярэдняй распрацоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі, якая ўключае ў сябе будаўніцтва інжынерных сетак, асфальтаванне праежжай часткі, абўладкаванне ходніка. У сувязі з абмежаванасцю фінансавых сродкаў, што выдзяляюцца на добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторый, у бліжэйшыя гады выкананне названых работ не плануецца”.