Архіў навінаў
30.11.2015 Грамадства
Праваабаронца з Баранавічаў супраць адпісак
 
30 лістапада праваабаронца з Баранавіч Сяргей Гоўша звярнуўся са скаргай у Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт. Скарга тычыцца адказу Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта №01-15/633 от 05.11.2015, з якога вынікае,
 
што намеснік старшыні Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта Дз. Касцюкевіч, які разгледзеў калектыўны зварот 11-ці грамадзян горада ад 22 кастрычніка 2015 года, адмовіў ім у задавальненні просьбы. Алеж просьба абгрунтоўвалася спасылкамі на Заканаўства Рэспублікі Беларусь. У ёй жыхары горада просілі інфармаваць грамадзян ў сродках масавай інфармацыі аб выніках галасавання на ўсіх 68-мі выбарчых участках горада падчас правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2015 годзе.
 
У адказе было сказана, што інфармацыя аб выбарах была апублікавана ў СМІ, а таксама на сайтах гарвыканкама. Сапраўды, абагуленая інфармацыя друкавалася, аднак сп. Касцюкевіч ухіліўся ад адказу ў інфармаванні грамадзян аб выніках выбараў на кожным паасобку выбарчым участку горада, гэтая інфармацыя нідзе не друкавалася і аб ёй гараджане Баранавіч ня ведаюць.
 
Праваабаронца Сяргей Гоўша лічыць, што іх калектыўны зварот ад 22.10.2015 года па сутнасці не разгледжаны, а ў адрас 11 падпісантаў была выслана фармальная адпіска, з чым ён прынцыпова не згодны. Пытанне аб інфармаванні грамадзян горада Баранавічы ў сродках масавай інфармацыі аб выніках выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2015 годзе на кожным выбарчым участку горада засталося некранутым.
 
Сяргей Гоўша слушна сцьвярджае, што дадзеная інфармацыя не з’яўляецца закрытай, а наадварот, адпаведна заканадаўству, з’яўляецца галоснай і адкрытай, у тым ліку і для ўсіх выбаршчыкаў Рэспублікі Беларусь.
 
У сувязі з гэтым праваабаронца просіць Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт:
 
1. прызнаць неправамным рашэнне Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта за подпісам намесніка старшыні Дзмітрыя Касцюкевіча, выкладзенае ў адказе №01-15/633 ад 05.11.2015 года на калектыўны зварот ад 22.10.2015г.;
 
2. прызнаць ўсе патрабаванні, выкладзеныя ў калектыўным звароце ад 22.10.2015 года абгрунтаванымі ў поўным аб’ёме і прыняць меры па рашэнні закранутага пытання па сутнасці, у тым ліку і аб інфармаванні грамадзян у СМІ аб выніках выбараў на кожным выбарчым участку горада;
 
3. у выпадку выяўлення парушэнняў прыняць меры к адпаведным службовым асобам.