Архіў навінаў
30.11.2015 Грамадства
"Імёны свабоды" краіны Беларусь
 
29 лістапада ў Берасце адбылася прэзентацыя дапоўненага выданьня «Імёнаў Свабоды» пісьменьніка Ўладзімера Арлова. Новае выданне павялічылася роўна на 100 старонак. Цяпер кніга змяшчае аповеды пра 300 асобаў, без якіх, на думку аўтара, не было б краіны Беларусь. Кнігу папоўнілі некалькі дзясяткаў новых герояў, у тым ліку вядомыя паэты Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, журналіст і палітык Віктар Івашкевіч, філосаф і літаратуразнаўца Уладзімір Конан, журналіст і выдавец Пётр Марцаў, народны депутат Галіна Сямдзянава, якая ўпершыню ўнесла бел-чырвона-белы сьцяг у залу паседжаньняў Вярхоўнага, Арына Вячорка - рыцарка Вялікага Княства, паэтка Ніна Матяш, Міхаіл Жызнеўскі, які загінуў на ўкраінскім Майдане.
 
Прагучалі аповеды пра людзей, якія з часоў Тадэвуша Касцюшкі змагаліся за свабоду ў самых розных яе вымярэннях і ўспрыманнях. “Маіх герояў аб'ядноўвала тое, што кожны з іх па-свойму паўплываў на мой характар, светапогляд, светаўспрыманне, таксама іх аб'ядноўвала тое, што іх жыццёвы шлях ужо завяршыўся”, - распавёў Ўладзімір Арлоў.
 
Беларускі бард Зьміцер Бартосік выканаў некалькі песень, пачаўшы з улюбленай песні Арлова “Кальварыя”.
 
 
Прэзэнтацыя кнігі Ўладзімера Арлова і выступ Зьмітра Бартосіка адбыліся ў межах сьвяткаваньня парафіяльнага сьвята берасьцейскай грэка-каталіцкай царквы сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя.
 
Напрыканцы прэзентацыі берасьцейцы змаглі набыць кнігі з аўтографам аўтара.