Навіны
04.11.2018 Грамадства
У брэсцкай міліцыі вялікія праблемы - неабходна заняцца кадравымі пытаннямі
 
Вельмі дзіўна павёў сябе на асабістым прыёме 24. 10. 2018 г. ў намесніка старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Алега Вялічкі начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС таго ж выканкаму Генадзь Вайтовіч.
 
Ён быў запрошаным на гэты прыём разам з іншымі чыноўнікамі, каб пагутарыць з брэсцкімі актывістамі і адказаць на іх пытанні. Але Генадзя Вайтовіча панесла. Ці то зоркі на плячах яму даюць крылы і боскую веліч, ці то характар у яго такой выбуховы.
 
Вось што распавёў грамадзянскі актывіст Віталь Казак, які там прысутнічаў:
 
«Вайтовіч сказаў, што Пятрухіна яшчэ будуць прыцягваць неаднаразова за фамільярнасць і іншае. За тое што міліцыянтаў называе па імені, паджартоўвае над імі. За гэта прыйдзецца адказваць. Вельмі шмат сабрана кампрамату на Петрухина і таму ўсё яшчэ наперадзе.
 
Мне сказаў, што калі з'яўлюся яшчэ раз на плошчы, то пасадзіць мяне ўжо не на суткі, а на значна большы тэрмін. Ну, і плюс абвінавацяць мяне адпаведна ва ўдзеле, і ў арганізацыі. Аказаў вось такі ціск на мяне. У мяне сям'я і мне складана сядзець па некалькі сутак у турме, але я лічу кожны берасцеец павінен быць там, дзе трэба быць дзеля абароны інтарэсаў грамадзян, экалогіі, нашай дзяржавы і нашай дзяржаўнасці.
 
Гэтак жа ён сказаў, што 14 кастрычніка на пл. Леніна выступоўцы нагаварылі на крымінальныя артыкулы. Маўляў, што на ўладу гонім, дакладней на карупцыянераў-чыноўнікаў. Гэта, вядома, розныя рэчы.
 
Вось як Дзям'ян Лепесевіч сказаў, што я гэтай уладзе не давяраю, я супраць гэтай улады. Гэта на думку Вайтовіча лічыцца крымінальным злачынствам. А Статкевіча, казаў, можна было адразу судзіць па крымінальным артыкуле за яго выступ. А Алег Вялічка сказаў, што адна справа збіраць подпісы па праблемах ЖКГ, аховы здароўя і зусім іншае за адстаўку чыноўнікаў узроўню выканкамаў. Гэта, маўляў, замах на ўладу. А старшыні выканкамаў - гэта ўлада. І збор подпісаў за іх адстаўку - гэта замах на ўладу. За гэта могуць судзіць.»
 
Сяргей Пятрухін, блогер: “Тое, што высокі чыноўнік-сілавік апусціўся да банальных пагроз у адрас актывістаў кажа ў першую чаргу пра ўзровень яго прафесіяналізму. Сітуацыя з кармленнем галубоў вельмі напружвае старшыню аблвыканкама Анатоля Ліса, які падпісаў інвестыцыйны дагавор на будаўніцтва небяспечнага завода АКБ, а сітуацыя ўжо дайшла да Менска. УУС падпарадкоўваецца аблвыканкаму. Вось і ўсё.
 
Вайтовіч служыць не закону, не людзям, а Анатолю Лісу і яго атачэнню і выконвае іхнія загады. Прыбраць з вуліц зборшчыкаў подпісаў супраць мясцовых выканкамаўскіх царкоў. Прыбраць з плошчы Леніна аматараў галубоў. І Вайтовіч рады старацца. У любой прававой дзяржаве Ліс са сваімі паплечнікамі- «акумуляташчыкамі» даўно паўстаў бы перад судом. Але карупцыя ў Беларусі пакуль непераможная. Завод АКБ - карупцыйная схема ў чыстым выглядзе. А Генадзю Вайтовічу першую чаргу неабходна заняцца кадравымі пытаннямі. З гэтым у брэсцкай міліцыі вялікія праблемы. На цёплых пасадах сядзяць “кум, брат, сват”, ва ўчастковыя бяруць абы ўзяць, пра ППС наогул прамаўчу, бо смеху варта такія ахоўнікі правапардку.”
 
Паўлюк Кавалёў