Навіны
28.09.2018 Грамадства
Брэсцкі абласны суд адмяніў рашэнне прадстаўніка Кобрынскай Феміды
 
«Народны рэпарцёр» ужо распавядаў аб іпэшніку Сяргее Сукаче з вёскі Залессе, які выклікаў міліцыю на работнікаў Кобрынскай санстанцыі за тое, што тыя не назваліся належным чынам і не паказалі сертыфікат на фотатэхніку. («Над законам» )
 
 
Участковы кобрынскага РАУС, які прыбыў па вызаву, закаваў Сяргея ў кайданкі на вачах у яго дачкі і адвёз у ІЧУ да суда, папярэдне склаўшы тры пратаколы: дробнае хуліганства, абразу супрацоўніка міліцыі пры выкананні і, вядома ж непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыянта.
 
Нягледзячы на тое, што паседжанне ў Кобрынскім судзе прайшло гладка, і намеснік старшыні раённага суда Пётр Цімашэнка пакараў Сяргея штрафамі за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне, 20 верасня 2018 г. Брэсцкі абласны суд адмяніў рашэнне прадстаўніка Кобрынскай Феміды за адсутнасць у дзеяннях ІПэшніка складу адміністрацыйнага правапарушэння.
 
«Народны рэпарцёр» упершыню сутыкнуўся з падобным выпадкам, калі было адменена рашэнне намесніка старшыні раённага суда. Сяргей Сукач лічыць, што толькі ўмяшальніцтва «Народнага Рэпарцёра» і наяўнасць відэазапіса вырашылі зыход гэтай справы на яго карысць.
 
Цяпер Сяргей Сукач плануе падаваць пазоў на ўчастковага Кобрынскага РАУС капітана Тарасюка на пакрыццё маральнай і матэрыяльнай шкоды. Прэцэдэнты ўжо ёсць у Пружанах, дзе Ігар Францэвіч выйграў суды ў падобнай справе.
 
 
Сяргей перакананы, што суд задаволіць яго пазоў і ўчастковы будзе ставіцца да выканання сваіх абавязкаў па абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян з вялікім шацункам.
 
Сяргей Пятрухін,
Народны Рэпарцёр