Навіны
09.07.2018 Грамадства
Аматары нядзельнага кармлення галубоў скрэатывілі і аформілі свой пратэст у футбольным стылі - зладзілі футбольны матч
 
8 ліпеня кіраўнікі Брэстчыны на галоўнай плошчы абласнога цэнтра арганізавалі футбольнае свята. А што трэба для свята? Роставая лялька, дзіцячы паравозік, фургончык “бліны-кава-гарбата”, сувенірная лаўка з адпаведнай тэматыкай, пару міліцыянтаў і пару ціхароў.
 
І ўсё гэта для таго, каб на лобным месцы не было відаць праціўнікаў акумулятарнага завода, якія кожную нядзелю пачынаючы з 25 лютага ходзяць на плошчу Леніна карміць галубоў.
 
На гэты раз аматары нядзельнага кармлення галубоў скрэатывілі і аформілі свой пратэст у футбольным стылі - зладзілі футбольны матч. Каманда «Не заводу» згуляла супраць каманды «Ай-Памёр».
 
«Не заводу» разграміла свінцовы клуб з лікам 14: 3. Большую частку галоў забілі дзеці.
 
Праціўнікаў завода было каля 80 чалавек, і яны склалі асноўную частку берасцейцаў, якія прыйшлі на свята футбола.
 
Варта заўважыць, што брэсцкія старшыні, за адстаўку якіх гараджане збіраюць подпісы ў сувязі са стратай даверу, ужо другі тыдзень запар ладзяць святы на плошчы Леніна. Дзякуй ім за гэта! Мы з нецярпеннем чакаем наступных выходных, чарговага свята.
 
Сяргей Пятрухін,
Народны Рэпарцёр