Навіны
08.09.2017 Грамадства
8 верасня – Дзень беларускай вайсковай славы.
 
У гэты дзень, 503 гады таму, на правым беразе ракі Крапіўна пад Оршай, войскі Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага атрымалі перамогу над войскамі Вялікага княства Маскоўскага.
 
Характэрнага ў гэтай бітве вельмі шмат. Напрыклад, па розных звестках, колькасць маскоўскага войска ў 2-3 разы пераўзыходзіла колькасьць беларускіх войскаў, і складала 45-80 тысяч чалавек. Перамога гэтая была стратэгічнай, таму што супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства існаваў варожы саюз Масковіі і іншых краін. Гэты саюз уключаў у сябе Тэўтонскі Ордэн, Лівонскі Ордэн, графства Брандебурское, Дацкае каралеўства, Валахію, Саксонію і Масковію. Гэты саюз загадзя падзяліў нашы землі, аддаўшы Масковіі зямлі на ўсход ад Бярэзіны і Заходняй Дзвіны, а заходнія - Лівонскім і Тэўтонскім ордэнам, сцёршы з карт такую дзяржаву, як ВКЛ.
 
Такім чынам, першы геапалітычны падзел нашай дзяржавы мог адбыцца на 250 гадоў раней, чым падзел Рэчы Паспалітай. Але перамога нашых продкаў спыніла маштабны наступ маскоўскага войска і дазволіла вызваліць гарады Усходняй Беларусі, а ў далейшым паспрыяла развалу небяспечнага для нас ваеннага альянсу.
 
Таксама ў гэты дзень, 25 гадоў таму, у 1992 годзе, беларускія афіцэры прынялі прысягу на вернасць маладой і суверэннай Беларусі, на плошчы Незалежнасці ў Менску, пад спрадвечна беларускім сімвалам - гербам Пагоня.
 
Пасля гэтага беларускія ўлады змянілі як само свята, так і нашу родную сімволіку - БЧБ сцяг, герб Пагоня. А змянілі па простай прычыне - ва ўгоду сучаснага Вялікага княства Маскоўскага, каб не мазоліць вочы сучасным каралям тым, што мы суверэнны народ, і заўсёды змагаліся за сваю тэрыторыю і ўсё, што нам належыць.
 
Таму вельмі сімвалічная сённяшняя акцыя папярэджання ў Менску ў 19:00. Яна прысвечана пратэсту супраць правядзення вучэнняў расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з 14 па 22 верасня.
 
У сувязі з гэтым вельмі важна памятаць сваю гісторыю і сімвалы, каб усведамляць што адбываецца, ведаць, што у гэты неспакойны час ты грамадзянін сваёй краіны з багатай гісторыяй, адчуваць сябе беларусам, і гэта неабходна кожнаму грамадзяніну.