Навіны
27.08.2017 Грамадства
У Брэсце прэзентавалі мастацкую выставу… у хлявах
 
Яе аўтар – мастак Сямён Маталянец, берасцеец, які ўжо некалькі гадоў жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу.
 
Прэзентацыя ў фармаце кватэрніка адбылася ў адным з нешматлікіх ацалелых старых хлявоў у гістарычным цэнтры горада. Сямён Маталянец самастойна правёў экскурсію па экспазіцыі і распавёў пра свае працы:
 
1. Тры коўдры, коўдры як інструменты для сну, а сон як барацьбу з рэальнасцю. Коўдра як шчыт спячага – дорыць надзею вызваляюць ад бясконцай працы.
 
2. Выява прамаці капіталізму ў выпальванні па дэрмантыне і рэзьбе па бервяні –- гэта спроба адказаць на пытанне, як бы выглядалі Багі капіталізму, калі б капіталізм быў рэлігіяй ў агульнапрынятым сэнсе, з культам рытуаламі і сьвятарствам.
 
3. Скрынка гаспадарчага мыла 65% “тлустасці”, загорнутага ў гравюры. Калекцыя з 18 кавалкаў – гэта недатыкальны запас на ўсялякі выпадак жыцця. А таксама спроба брэндавання "нязручнай" прадукцыі гомельскага тлушчавага камбінату.
 
Асаблівую ўвагу Маталянец надае менавіта скрынцы з гаспадарчым мылам.
 
«Мыла апынулася незвычайна насычана сэнсамі. Гэта матэрыял арганічны, жывы: тлушч, каровы, сабакі, косці, воўна. Мы спрабавалі выцягнуць з яго максімум сэнсаў, метафар – тут і ахвяра, і чысціня, і хрысціянская тэматыка. Ну і іронія тут важная. Кожны змагаецца за свой матэрыял: руберойд, зямлю ці нешта яшчэ. З мылам ніхто не працаваў. Гэта была вакантная пазіцыя», – кажа мастак.
 
Сямён Маталянец нарадзіўся ў 1982 годзе ў Брэсце. Скончыў СПГХПА ім. Штыгліца. Жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу. Працуе з жывапісам, фатаграфіяй, аб'ектамі, перформансам. У складзе групы "Мыла" стаў лаўрэатам прэміі «Інавацыя» у намінацыі «Новая генерацыя» у 2010 годзе. Удзельнік і адзін з актывістаў аб'яднання PARAZIT. З'явіўшыся ў 2000 годзе з аскепкаў творчага аб'яднання “Новыя тупыя”, групоўка PARAZIT трывала прапісалася ў прахадным калідоры галерэі «Барэй» і стала выключным з'явай у мастацкім жыцці Пецярбурга. За 16 гадоў свайго існавання групоўка арганізавала звыш 500 выстаў, удзельнікамі якіх сталі больш за 130 мастакоў.